ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча
(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.Буднага (1614),
«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;
Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.
Ю.М.Лаўрык.
т. 9, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)